Умовы ўдзелу ў V рэспубліканскім Фестывалі

фальклорнага мастацтва

«берагіня»

(фінал 19-22 чэрвеня)

Крытэрыі адбору ўдзельнікаў фестывалю

 

Крытэрыямі адбору ўдзельнікаў фестывалю з’яўляюцца:

ступень захаванасці ў творчых калектывах мясцовых традыцый (асабліва каранёвых формаў) у розных жанравых праявах;

наяўнасць у дзіцячых і маладзёжных фальклорных калектывах сярод агульнага складу ўдзельнікаў не менш чым 45% хлопчыкаў і юнакоў;

наяўнасць акампанементу ў ансамблевым выкананні на беларускіх народных інструментах;

наяўнасць у калектывах народных касцюмаў мясцовай традыцыі.

 

Патрабаванні да мастацкіх праграм

 

Фальклорныя калектывы прадстаўляюць праграмы, якія скіраваны на змястоўнае раскрыццё мастацкіх традыцый менавіта сваёй мясцовасці: адноўленыя і бытуючыя песні каляндарнага (вясны і лета) і сямейна-абрадавага (вяселля і хрэсьбін) цыклаў, пазаабрадавыя песні, карагоды, народныя танцы (сольныя, парныя, з няцотнай колькасцю выканаўцаў, парна-гуртавыя і іншыя), гульні, інструментальная музыка, творы празаічных жанраў і іншыя. У кожнай праграме павінны быць уключаны не менш чым два асобныя выканаўцы-салісты па жанрах фальклорнага мастацтва (па выбару кіраўніка калектыву).

Выкананне твораў з іншых рэгіёнаў, перанятых па радыё, тэлебачанні, а таксама аўтарскіх твораў не дазваляецца.

Выступленне ўдзельнікаў фестывалю ажыццяўляецца пад акампанемент музычных інструментальных ансамбляў традыцыйнага складу ў жывым гучанні.

Перавага аддаецца калектыву, у склад акампаніруючых груп якога разам са сталымі музыкамі ўваходзяць дзеці і моладзь.

Касцюмы ўдзельнікаў фестывалю павінны ўяўляць сабой шматлікія варыянты арыгіналаў або копій традыцыйных народных касцюмаў сваёй мясцовасці.

Для дзяўчат даўжыня спадніц павінна быць не вышэй 15 сантыметраў ад падлогі, валасы заплятаюцца ў косы, упрыгожваюцца каснічкамі.

Для хлопчыкаў і юнакоў абавязковым кампанентам касцюма з’яўляецца капялюш.

Абутак: у хлопчыкаў і юнакоў — чобаты, у дзяўчат — чаравікі ці туфлі на скураной падэшве, не невысокіх абцасах.

Працягласць праграм павінна складаць:

– 15 хвілін – удзел у прэзентацыях-аглядах;

– 1–1,5 гадзіны – сольныя канцэрты.

Колькасць выступленняў з сольнымі праграмамі, удзел у сумесных імпрэзах, працягласць выступленняў каардынуюць арганізатары фестывалю.

Крытэрыямі ацэнкі мастацкіх праграм з’яўляецца:

жанравая разнастайнасць;

захаванасць мясцовага мастацка-эстэтычнага стылю;

адпаведнасць фальклорных твораў узросту выканаўцаў;

здольнасці да імправізацыі;

узровень выканальніцкага майстэрства.

Забеспячэнне ўдзельнікаў фестывалю жыллём і харчаваннем — за кошт арганізатараў фестывалю. Транспартныя выдаткі дастаўкі ўдзельнікаў заключных мерапрыемстваў фестывалю ў гарадскі пасёлак Акцябрскі і выездаў з канцэртамі па Акцябрскаму і іншых раёнах — за кошт накіроўваючага боку.

 

Інфармацыйны партал фестывалю

Hosted by uCoz